КНІЖНЫ АГЛЯД: “ПЕСНІ ВЕЛЕЎШЧЫНЫ” (2018)
Зборнік “Песні Велеўшчыны”, выдадзены ў траўні, уяўляе сабой удалую спробу этнографаў НАН Беларусі зрабіць выданне з больш сучасным падыходам. Гэта навуковы зборнік: ён складзены паводле навуковай методыкі і праходзіў рэцэнзаванне. Аднак ён зроблены так, каб зацікавіць чытача і пазнаёміць яго з атмасферай і чалавечай рэальнасцю вёскі.
Прынцыпова “Песні Велеўшчыны” ― гэта зборнік, аналагічны “песенным” тамам акадэмічнай серыі “Беларуская народная творчасць” (БНТ). Але яго змест прывязаны не да пэўнага жанру песень, а да пэўнай мясцовасці, у дадзеным выпадку ― да вёскі Велеўшчына ў Лепельскім раёне. Як і ў кнігах БНТ, у “Песнях Велеўшчыны” прыводзіцца вялікі масіў тэкстаў народных песень і іх пашпартызацыя. Але іх музычны складнік даецца не ў выглядзе нотных запісаў, а ў выглядзе непасрэдна саміх аўдыязапісаў твораў на дыску, прыкладзеным да кнігі.
Усё ж самае яскравае адрозненне зборніка ад класічных навуковых выданняў ― гэта яго засяроджанасць на людзях ― як на чытачах, так і на інфармантах. Так, побач з тэкстамі песень прыводзяцца фотаздымкі людзей, ад якіх яны запісаныя. У канцы зборніка змешчаны (праўда, чамусьці не ўказаны ў змесце) добры альбом старых сямейных здымкаў жыхароў в. Велеўшчына. А ледзь не на кожным развароце асноўнага, песеннага раздзелу прысутнічае цытата інфарманта наконт жанру той ці іншай песні; гэта жывыя выразы, якія перадаюць моўную рэчаіснасць вёскі.
Скіраванасць на чалавека відаць і ў мастацкім афармленні зборніка. Яно ўключае густоўныя графічныя малюнкі, удала спалучаныя з выявамі рукапіснага тэксту і друкаванымі назвамі раздзелаў кнігі. Прыемнае ўражанне пакідаюць і тэматычныя малюначкі ў пачатках падраздзелаў. Адзіны недахоп ― калажны характар выявы на вокладцы: у ёй паказаная забудова в. Велеўшчына, якой ў рэальнасці няма. Можаце параўнаць з выявамі вёскі ў фотаальбоме: vk.cc/8486gr.
CD-дадатак да зборніка змяшчае каля 300 запісаў ― песні, прыпеўкі, некалькі найгрышаў. Запісы дзеля праўдзівасці пададзеныя “як ёсць”, без рэдагавання і ўпрыгожвання. Некалькі запісаў з дыска дадаём да гэтага тэксту.
Выданне “Песень Велеўшчыны” заснаванае на працы мастака-рэстаўратара Міколы Залатухі, для якога Велеўшчына ― родная вёска.. З канца 1970-х ён збіраў пра вёску этнаграфічныя і краязнаўчыя звесткі, запісваў яе фальклор, жадаючы стварыць усебаковае апісанне яе жыцця ў пэўным часавым прамежку.
Дадзены песенны зборнік адлюстроўвае толькі частку з вялікага комплексу звестак, сабраных М. Залатухам. Апроч музычнага фальклору ён збіраў звесткі пра побыт, гаспадарку і архітэктуру вёскі, вусную гісторыю і няспеўны фальклор, а таксама даследаваў мясцовыя могілкі. Усе матэрыялы Мікола Залатуха перадаў у Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Зборнік “Песні Велеўшчыны” будзе карысным:
* як крыніца навуковай інфармацыі па этнаграфіі (хаця ў расшыфроўках песень ёсць шмат недакладнасцяў);
* як крыніца натхнення і твораў для развучвання ці актуалізацыі аматарамі этнаграфіі і сучаснымі творцамі;
* як добры ўзор публікацыі, які могуць пераймаць краязнаўцы.
Нягледзячы на асучаснены падыход, выданне ўсё ж не адпавядае сённяшняму тэхналагічнаму ўкладу. Так, кампакт-дыск знікае з ужытку як носьбіт, а атрыманне інфармацыі пераходзіць у сеціва. Адпаведна, аўдыядадаткі лепш выкладваць на старонках сеціва, а калі ёсць жаданне фізічна дадаць іх да кнігі, то гэта лепш рабіць на флэш-карце. Урэшце, фармат друкаванай папяровай кнігі не дазваляе шукаць у тэксце інфармацыю так хутка, як у кампутарным файле; любую папяровую кнігу варта дапаўняць хаця б PDF-версіяй.
Тым ня менш, калі вы хочаце пасадзейнічаць выхаду падобных выданняў НАН Беларусі, варта купіць сабе асобнік “Песень Велеўшчыны”. Зборнік прадаецца ў сетцы “Акадэмкніга” прыкладна за 10 рублёў. Ён з’яўляецца першым выданнем з серыі “Фальклор нашага краю”, і актыўнасць яго продажаў паспрыяе выданню чарговых кніг серыі. Найверагодней, наступнай будзе выдадзеная кніга, заснаваная на матэрыяле Гарадоцкага раёна.
#Вольны_архіў #volny_archiu #спевы #традыцыйная_музыка #этнаграфічная_літаратура #Лепельскі_раён #Падзвінне #этнаграфія